ФІГУ́РНАЕ КАТА́ННЕ на лёдзе,

мастацкае катанне на каньках: адна- і двухапорныя слізганні на рэбрах канькоў па крывых лініях у спалучэнні з паваротамі, скачкамі, вярчэннямі па верт. восі і інш.; від спорту. Ф.к. ўласцівы высокая эмацыянальнасць і выразнасць рухаў; складаная тэхніка катання спалучаецца з харэаграфіяй і муз. суправаджэннем маст. кампазіцый. Уключае адзіночнае катанне (асобна жанчыны і мужчыны), парнае катанне (жанчына і мужчына), спарт. танцы (жанчына і мужчына) і сінхроннае катанне (камандай). Адзіночнае катанне складаецца з кароткай праграмы (да 2 мін 40 с), адвольнай праграмы (да 4 мін у жанчын і 4,5 мін у мужчын) і інтэрпрэтаванага адвольнага катання (да 4,5 мін). Парнае катанне ўключае кароткую і адвольную праграмы. Аснову спартыўных танцаў складаюць камбінацыі крокаў, якія выконваюцца ў адпаведнасці з рытмам і характарам танца. Уключаюць абавязковы, арыгінальны і адвольны танцы. Выступленні па ўсіх відах Ф.к. ацэньваюцца па 6-бальнай шкале, асобна за тэхніку і маст. выкананне.

Як від спорту Ф.к. сфарміравалася ў 1860-я г. (сінхроннае катанне ў 1990-я г.). I чэмпіянат Еўропы сярод мужчын праведзены ў 1891 (г. Гамбург, Германія), свету — у 1896 (С.​Пецярбург); жанчыны ўдзельнічаюць у чэмпіянатах свету з 1906, Еўропы — з 1930. У парным катанні чэмпіянаты свету праводзяцца з 1908, Еўропы — з 1930; па спарт. танцах адпаведна з 1950 і 1954. У праграме зімовых Алімп. гульняў з 1924 (у 1908 і 1920 — у праграме летніх Алімп. гульняў), па спарт. танцах — з 1976. Найб. папулярнае Ф.к. ў Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Канадзе, Расіі, краінах Скандынавіі.

На Беларусі Ф.к. развіваецца з пач. 1960-х г. Федэрацыя Ф.к. Беларусі створана ў 1968. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся ў парным катанні Н.​Мішкуцёнак (у пары з А.​Дзмітрыевым, Расія) — чэмпіёнка XVI зімовых Алімп. гульняў (1992, г. Альбервіль, Францыя), А.​Гуд і Я.​Колтун — бронз. прызёры чэмпіянату свету сярод юніёраў.

А.​А.​Шыршоў.

т. 16, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)